Новости проекта
Перенос и удаление уроков
Внесение изменений в личные данные
Важная информация

Вядомыя беларусы

Дата: 24 мая 2016 в 19:46
Автор: Майсак Т. А.

Многія вядомыя людзі – ад святых сярэдневякоўя да лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі і алімпійскіх чэмпіёнаў сучаснасці – ураджэнцы Беларусі

Вядомыя гістарычныя асобы Беларусі

Барбара Радзівіл
Вялікая княгіня, каралева Польшчы.

Леў Сапега 
Дзяржаўны і ваенны дзеяч, гетман Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, дыпламат, мысліцель. Адзін з галоўных стваральнікаў Статута ВКЛ (1588 г.) – выдатнага помніка прававой і палітычнай думкі, па сутнасці першай канстытуцыі ў Еўропе.

Тадэвуш Касцюшка 
Тадэвуш Касцюшка, які нарадзіўся ў Беларусі ў 1746 годзе, з’яўляецца нацыянальным героем Беларусі, Амерыкі і Польшчы. Быў кіраўніком нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай, прымаў удзел у вайне за незалежнасць ЗША.

Вядомыя вучоныя з Беларусі

Ігнат Дамейка
Нарадзіўся ў Беларусі ў 1802 годзе. Быў знакамітым геолагам, большую частку жыцця правёў у Чылі, дзе стаў нацыянальным героем. За свае дасягненні афіцыйна прызнаны ЮНЕСКА.

Іван (Ян) Чэрскі 
Знакаміты вучоны-географ, геолаг, даследчык Сібіры, імем якога названы шэраг геаграфічных аб'ектаў. Нарадзіўся ў маёнтку Свольна Віцебскай губерні ў 1845 годзе. 
  
Мікалай Судзілоўскі (псеўданім Нікалас Русель) 
Этнограф, географ, хімік, біёлаг, урач-генетык, рэвалюцыянер-народнік, першы прэзідэнт сената Гавайскіх астравоў. Нарадзіўся ў 1850 г. у Магілёве ў збяднелай дваранскай сям'і. З 1892 года жыў на Гаваях, дзе адстойваў правы карэнных жыхароў.

Аляксандр Чыжэўскі 
Нарадзіўся ў Гродзенскай вобласці ў 1897 годзе. Прызнаны вучоны, які вывучаў біялагічнае ўздзеянне Сонца і Сусвету, у тым ліку суадносіны сонечнай актыўнасці з перыядамі войнаў у гісторыі чалавецтва.

Соф'я Кавалеўская 
Першая ў свеце жанчына-прафесар матэматыкі паходзіць са шляхецкага беларускага роду. Дзяцінства правяла ў маёнтку Палібіна Віцебскай губерні, а ў 18 гадоў заключыла фіктыўны шлюб, каб паехаць за мяжу і займацца навукай. Працы Кавалеўскай прысвечаны матэматычнаму аналізу, механіцы, астраноміі.

Павел Сухі 
Авіяканструктар, вынаходнік, адзін са стваральнікаў рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі, аўтар паўсотні арыгінальных канструкцый самалётаў, больш за трыццаць з якіх былі пабудаваны і выпрабаваны. Нарадзіўся ў 1895 г. у горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці.

Жарэс Алфёраў
Нарадзіўся ў Віцебску ў 1930 годзе. Алфёраў удастоены Нобелеўскай прэміі па фізіцы ў 2000 годзе.

Вядомыя касманаўты з Беларусі

Пётр Клімук 
Пётр Клімук, першы беларускі касманаўт, вучоны ў галіне тэхнічных навук, двойчы Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў в. Камароўка Брэсцкага р-на ў 1942 годзе. Ажыццявіў тры палёты ў складзе экіпажаў касмічных караблёў і арбітальных комплексаў, правёў у космасе 78,76 сутак.

Уладзімір Кавалёнак 
Уладзімір Кавалёнак, беларускі касманаўт, вучоны ў галіне ваенных навук, двойчы Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў в. Белае Мінскай вобласці ў 1942 годзе. Ажыццявіў тры палёты ў космас у якасці камандзіра экіпажа, правёў у космасе 216,38 сутак, у тым ліку ў адкрытым космасе 2,3 гадзіны.

Вядомыя ў мастацтве беларусы

Марк Шагал
Нарадзіўся ў 1887 годзе ў Віцебску. Самы знакаміты ўраджэнец Беларусі, вядомы ва ўсім свеце як класік авангардызму ў выяўленчым мастацтве.

Напалеон Орда 
Мастак, кампазітар, ураджэнец в. Варацэвічы Пінскага павета. Стварыў больш за тысячу эскізаў збудаванняў Беларусі, Літвы, Польшчы, Францыі, якія з'яўляюцца каштоўнай крыніцай для гісторыкаў архітэктуры і рэстаўратараў Еўропы. У 2007 годзе 200-годдзе з дня нараджэння Н. Орды было ўключана ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА.

Іван Хруцкі 
Нарадзіўся ў мястэчку Ула Лепельскага павета Віцебскай губерні. Выдатны мастак, які распрацаваў уласны тып нацюрморта ў спалучэнні з партрэтам. 200-годдзе з дня нараджэння Івана Хруцкага ў 2010 годзе было ў календары памятных дат ЮНЕСКА.

Луіс Барт Маер 
Нарадзіўся ў Мінску ў 1885 годзе. Кінематаграфіст Луіс Барт Маер найбольш вядомы як адзін з заснавальнікаў галівудскай кінастудыі "Метра-Голдвін-Маер".

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Пісьменнік, заснавальнік новай беларускай літаратуры і прафесійнай драматургіі, стваральнік першага беларускага тэатральнага калектыву, акцёр. У 2008 годзе 200-годдзе з дня нараджэння В. Дуніна-Марцінкевіча было ўключана ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА.

Васіль Быкаў
Быкаў Васіль Уладзіміравіч, беларускі празаік, драматург, публіцыст. Нарадзіўся ў 1924 годзе ў в. Бычкі Віцебскай вобласці. Народны пісьменнік Беларусі (1980). У 1990-1993 гг. – прэзідэнт аб’яднання беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Вядомыя палітыкі з Беларусі

Хаім Вейцман
Нарадзіўся ў Беларусі ў вёсцы Моталь (зараз Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць) у 1874 годзе. Хаім Вейцман быў выдатным хімікам, чытаў лекцыі ў Швейцарыі і Вялікабрытаніі. Як актыўны сіяніст ён быў выбраны першым прэзідэнтам Дзяржавы Ізраіль (1949) і заставаўся на гэтай пасадзе да самай смерці (1952).

Андрэй Грамыка 
Дыпламат, у 1957-1985 гг. міністр замежных спраў СССР. Узначальваў савецкую дэлегацыю на канферэнцыі па стварэнню ААН, распрацоўваў Статут арганізацыі. Нарадзіўся ў 1909 г. у в. Старыя Грамыкі (Веткаўскі раён Гомельскай вобласці).

Знакамітыя асветнікі Беларусі

Францыск Скарына
Нарадзіўся ў Полацку ў 1486 годзе. Беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Пераклаў на беларускую мову і выдаў 23 кнігі Бібліі, першую – у 1517 годзе.

Святая Ефрасіння 
Полацкая князёўна. Нарадзілася ў XII стагоддзі. Стала манашкай у 12 гадоў і правяла жыццё, дапамагаючы бедным і будуючы цэрквы і манастыры па ўсёй Беларусі. Памерла ў час паломніцтва ў Іерусалім, яе мошчы вернуты ў Беларусь у 1910 годзе. Прылічана да ліку святых, ушаноўваецца як нябесная заступніца зямлі беларускай.

Чэмпіёны з Беларусі

Аляксандр Мядзведзь
Беларускі спартсмен і трэнер (вольная барацьба). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1964, 1968, 1972), свету (1962, 1963, 1966, 1967, 1969–71). Прызнаны лепшым барцом вольнага стылю ХХ стагоддзя.

Вольга Корбут 
Легендарная гімнастка заваявала 4 залатыя алімпійскія медалі, тры з іх – на алімпійскіх гульнях у Мюнхене (1972). У 1972 годзе прызнана лепшай спартсменкай свету.

Віталь Шчэрба
Беларускі спартсмен (спартыўная гімнастыка). Чэмпіён XXV Алімпійскіх гульняў (1992, Іспанія). Бронзавы прызёр XXVI Алімпійскіх гульняў (1996, ЗША). 14-разовы чэмпіён свету, 10-разовы чэмпіён Еўропы. Пераможца Гульняў добрай волі (1990, ЗША). Чэмпіён Універсіяд (1993, 1995). Лепшы спартсмен свету за 10-годдзе (1991–2000).

Ігар Макараў 
Макараў заваяваў залаты медаль у дзюдо на Алімпійскіх гульнях у Афінах ў 2004 годзе.

Юлія Несцярэнка 
Несцярэнка заваявала залаты медаль у бегу на 100 метраў на Алімпійскіх гульнях у Афінах ў 2004 годзе.

Максім Мірны 
Максім Мірны – самы вядомы тэнісіст Беларусі, які заваяваў серыю міжнародных узнагарод у парным разрадзе і вывеў беларускую зборную на лепшае месца за ўсю яе гісторыю на Кубку Дэвіса.

Вікторыя Азаранка
Знакамітая беларуская тэнісістка, пераможца найбуйнейшых сусветных турніраў, алімпійская чэмпіёнка. У студзені 2012 года Вікторыя Азаранка ўпершыню ў кар'еры ўзначаліла рэйтынг Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). На Алімпіядзе-2012 у Лондане заваявала золата ў міксце (у пары з Максімам Мірным) і бронзу ў адзіночным разрадзе.

Дар'я Домрачава
Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Ванкуверы (2010) у індывідуальнай гонцы на 15 км. Па версіі прэміі Biathlon Award беларуская спартсменка названа лепшай біятланісткай 2010 года.

Аляксей Грышын 
Фрыстайліст, які прынёс Беларусі першае ў гісторыі незалежнай дзяржавы золата зімовых Алімпійскіх гульняў (Ванкувер-2010), бронзавы прызёр Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці (2002).

Сяргей Мартынаў 
"Кароль малакалібернай вінтоўкі", алімпійскі чэмпіён Лондана-2012, двухразовы бронзавы прызёр Алімпіяд у Сіднэі і Афінах, рэкардсмен свету: 600 ачкоў з 600 магчымых у стральбе лежачы з малакалібернай вінтоўкі.

Руслан Салей
Адзін з лепшых гульцоў у гісторыі беларускага хакея, капітан нацыянальнай зборнай. Руслан Салей першым з айчынных майстроў клюшкі дайшоў да фіналу Кубка Стэнлі.

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.